A R C H E П а ч а т а к № 1 (35) - 2005
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


1-2005
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


эсэістыка

   

Вокладка ARCHE 1-2005.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

«Народ бяз нас, як бараны расьсеяныя»
Гутарка з Алесем Пушкіным


— Вяртаньне ў Бобр – гэта сьвядомы выбар ці так склаліся абставіны? Не шкадуеш?

— Новы век пачаўся для мяне вяртаньнем «на кругі свая» – я ізноў жыву ў Бабры, адкуль выехаў у 1978 годзе ў Менск, у трынаццацігадовым узросьце, паступіўшы ў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве. Я – на сваёй малой радзіме, дзе катаўся з горак на лыжах, зьбіраў ягады, хадзіў за каровамі на пашы, маляваў віды рэчкі Бобр, зьбіраў грыбы, сушыў з бацькам сена і зьбіраў улетку каларадзкіх жукоў на бульбяных палетках… І зноў я раблю тое самае – толькі тату ўжо восемдзесят гадоў і ён ледзь-ледзь варушыць тое сена, а мама ўжо й не пераходзіць хату і ня ходзіць даіць сваю карову. Ізноў пішу натурморты і віды Бабра, зрэдку іх набываюць, ізноў зьбіраю суніцы ў Крывушы, ды й жукі ў нас з жонкай на пасадках нашае бульбы не пераводзяцца…

Ды новае ў Новым Веку якраз і ёсьць тое, што па-новаму бачыцца і адчуваецца ўсё да болю знаёмае, звыклае з маленства: атачэньне, прырода, розныя рэчы; гэтае новае – ува ўсьвядомленым, добраахвотным выбары пражыць сваё жыцьцё Тут. Толькі Тут, выпіць гэты кубак жыцьця зь Любоўю, цярпеньнем і Верай, зь цьвёрда вызначанымі абставінамі жыцьця, людзьмі, якія сталі беспаваротна роднымі і назаўсёды, назаўсёды – да канца… Што б ні прынёс лёс – разьдзяліць усё і перажыць са сваім народам, зямлёй, дзе пахаваны прапрадзеды, дзяды, дзе жыве народжаны ў 1924 годзе мой бацька Мікалай і дзе ў 2004 годзе нарадзіўся і запісаны ў сельсавеце на беларускай мове ягоны ўнучак Міколка, мой сын…

Ці шкадую я? Ці раб я абставінаў? Я цудоўна ўсьведамляю, што ад чалавека вельмі шмат залежыць у пляне пабудовы свайго лёсу, месца жыхарства, прафэсійнай арыентацыі ці пераарыентацыі на працягу жыцьця. Чалавек – каваль свайго жыцьця. І будучы сёлета ў Празе, сустракаючыся з палітуцекачамі, якія зрабілі свой выбар – жыць не на Бацькаўшчыне, я ў думках прымерваў іх стан да свайго лёсу – мажлівага вулічнага мастака на Вугальным Тргу ў Старой Празе. І выходзіла цалкам рэальная асоба: мастачок-уцякач зь Беларусі, які малюе партрэты і прадае карцінкі! Ён мог бы быць! Але ніколі ня будзе такога Пушкіна. І нават калі ўявіць, што дадзена адмашка: ату іх, беларускамоўных – вось яны, тэрарысты, вось яны, хто «мешают нашему поступательному, динамическому развитию, кто потрясает нашу стабильность и спокойную жизнь взрывами в минском метро и в братских российских посольствах», – усё роўна я застануся тут, каб прыняць гэты бязглузды вал зьнішчэньня і нянавісьці да ўсяго беларускага, самабытнага, нашага з боку вартых жалю нелюдзяў. Госпадзе! – ды ня ведаюць, што твораць, – хоць і прыкрываюцца мітрапалітамі, крыжамі, дамамі міласэрнасьці ды вызалачанымі цыбулінамі азіяцкіх храмаў.

— Як ставяцца твае землякі да тваёй дзейнасьці мастака?

— Мае землякі, хоць і жывуць шмат гадоў са мной побач, а некаторыя вучыліся да 5-й клясы са мной у школцы (далей я вучыўся ў Менску), дагэтуль зь недаверам ставяцца да мяне як да мастака. Гэта я бачу па тым, што чамусьці шмат якія мае аднавяскоўцы, сьпітыя маладыя людзі, якія дзесяцігодзьдзямі так і не набылі прафэсіі муляра ці аўтасьлесара, дрэваапрацоўшчыка ці будаўніка – як я люблю гэтыя прафэсіі! – просяць у мяне пры сустрэчы грошы на выпіўку. Хоць ведаюць, што я жыву ў гэткай хаце, як і яны, ня маю машыны, хаджу па ваду да крыніцы… На маё пытаньне, чаму яны ў мяне просяць на выпіўку, яны адводзяць вочы. Я чытаю ў тых вачах наступнае: гэта ж толькі прыкрыцьцё, што ты мастак (які дурны карцінкі будзе купляць за такія грошы, калі такое цяжкое жыцьцё навокал – на абутак, на харчы не стае?!), а насамрэч табе ж даюць грошы (у цілівізары казалі, што Амэрыка 40 мільёнаў даляраў пасьля «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» дае апазыцыянэрам), каб падбухторваў народ супраць Лукашэнкі. Таму можна й папрасіць у Пушкіна на выпіўку – бо калі дасьць, значыць, так і ёсьць – незаробленыя грошы!

Яшчэ мяне дзівіць біцьцё ў грудзі і гарачыя запэўніваньні, што «за цябе мы ўсе пойдзем, толькі скажы!». Я наіўна ім тлумачу, што ў дэпутаты я не зьбіраюся, вось люблю гультайнічаць і маляваць карцінкі. Яны чамусьці ня вераць. А мой былы аднаклясьнік, шафёр Мішка Марцінкевіч, кажа, што, маўляў, усё адно зваліш калі-небудзь – у Штаты ці куды яшчэ…

Бабулькі, што вельмі мяне любілі, калі я ў 1995–1998 гадах расьпісваў царкву, казалі мне ў 1999-м, пасьля тачкі з гноем для Лукашэнкі, такія словы: «Каб цябе так на той сьвет вазілі, як ты нашаму прэзыдэнту гной вазіў!» А з мамай, якая ўвечары сядзіць на лавачцы і чакае карову з пашы, перасталі сядзець і абыходзілі, не вітаючыся. А пасьля, як гэтую царкву пачалі паказваць па розных TV-каналах ды ў газэтах пісаць (яе не асьвячаюць дагэтуль, хоць і прывялі ў «богоугодный» выгляд, зафарбавалі часткі «Суднага Дня»), дык і ўвогуле паглядаюць на мяне, калі прыйду ў царкву, як на правакатара, глядзяць-сочаць. Ёсьць за маёй сьпінай нехта з камэрамі ды фотаапаратамі ці не?

Адзін мой сусед, што шчыра й добразычліва здароўкаецца са мной штодзень, стары дзядзька Жора Б., дык сфармуляваў свае адносіны да мастака сваім родным (зяць потым мне пераказваў, вось таму й стала мне вядома гэтая шчырасьць!) наступным чынам: ай, каб ужо пасадзілі гэтага Пушкіна, дый ня выпусьцілі!..

І тым ня менш – я іх люблю, гэтых вялікіх, сапсутых калгасамі, хлусьнёй і сэлекцыяй Подласьці дзяцей, гэтых дзядзек і цётак, бо ўсё ж яны ЖЫВЫЯ, жывейшыя за гэтых халодных, ветлівых, разумных, прыгожых і рацыянальных замежнікаў – біяробатаў з усьмешкамі, пустымі вачыма і белазубымі амэрыканскімі смайламі! Бо я ж не выбіраў, што мяне Бог нарадзіў у сям’і электрыка і рабочай леспрамгасу. Тут мне і несьці маё дзіўнае гэтае пакліканьне, на якое нездаўменна паціскаюць плячыма мае сябры-інтэлектуалы, гарадзкія адраджэнцы-культуролягі, паэты і творцы, рэжысэры і «змагары»-краёўцы, былыя суседзі, што ўладкаваліся выгадна – ці ў прымы ў Менск, ці ў «мянтоўку», а сёй-той і прадпрымальнікам стаў, крамамі валодае.

— Што прымусіла цябе зрабіць свае першыя палітычныя пэрформансы?

— Страта пачуцьця страху пасьля войска (Алесь Пушкін удзельнічаў у савецкай інтэрвэнцыі ў Аўганістан. – Рэд.) і паездкі ў Вільню ў 1987–1988 гадах. Я там упершыню ўбачыў поўныя вулкі і плошчы людзей з нацыянальнай літоўскай сымболікай. І мне было 22–23 гады.

— Як ты ўспрыняў вестку пра тое, што Славамір Адамовіч папрасіў палітычнага прытулку ў Нарвэгіі? І як увогуле ставішся да палітычнай эміграцыі?

— Вельмі балюча ўспрыняў. Ён Паэт, і ня проста «пиит роз, аквамарина и женских ножек», а чалавек, які сьвядома прымерваў ляўровы вянок (ці цярновы) Каліноўскага і Купалы. І яму нельга было рацыянальна, суха пералічваць свае «геройствы», адседкі, зашываньне роту і прасіць палітычнага прытулку ў Нарвэгіі, ці дзе б там ні было, бо ў яго ёсьць ягоны народ. Народ гэты без такіх асобаў, як бараны расьсеяныя: «Порази пастыря – и овцы рассеятся…» Госпадзь паразіў, адабраўшы глузды ў свайго, народнага паэта. На гэтым тле жыцьцё выразна прадэманстравала значнасьць старых: Брыля, Барадуліна, Станкевіча.

Цяпер Славамірава жыцьцё ў тупіку: а) блізкага, роднага побач нікога няма! б) творчасьць ягоная – гэта літаратурны эксгібіцыянізм, так бы я назваў ягоныя нарысы ў «Нашай Ніве»; в) веры ў Бога, Беларусь, сяброў у яго, паэта, – не стае! г) стаць вядомым нарвэскім, швэдзкім паэтам, літаратарам (фэномэн Уладзімера Набокава) – позна і нерэальна: бо не напіша на гэтых мовах так, як на беларускай.

Адзінае выйсьце – пакаяньне, вяртаньне ў Будслаўе да маці – разводзіць кветкі і «на стрэл» не падыходзіць да літаратурнай беларускай тусоўкі! Досыць шасьці кніжак паэзіі, уключна з «Плавільшчыкамі расы», каб патрапіць у гісторыю беларускага пісьменства.

Палітычная эміграцыя мае пад сабой грунт толькі пры наступных умовах: а) пагроза фізычнага зьнішчэньня (як у выпадку зь Зянонам Пазьняком; тым, хто ня верыць у сур’ёзнасьць прычынаў эміграцыі Пазьняка, прывяду прыклады з найноўшай гісторыі: сьмерць Вячаслава Чарнавіла, нядаўняе атручэньне Віктара Юшчанкі, лёс Джахара Дудаева); б) часовы пэрыяд эміграцыі з абавязковым вяртаньнем дадому (дарэчы, сп. Зянону можна было б ужо і прыехаць у свае Суботнікі, купіць там хату за 200–300 даляраў дый пісаць свае кніжкі, седзячы ў роднай хаце, робячы фатаздымкі туманоў дый складаючы белыя вершы, дасылаючы іх таму ж Барысу Пятровічу ў «Дзеяслоў»).

— Ці зьнікае ў людзей, з тваіх уласных назіраньняў, цікавасьць да мастацтва, у прыватнасьці, выяўленчага?

— Зьнікае. І зьнікае да ўсіх відаў мастацтва, апрача кінэматографу, тэатру (уключна з опэрай, балетам), рок-музыкі, эстрады, архітэктуры. Асабліва церпяць літаратура і выяўленчае мастацтва.

Адышлі ў нябыт часы Гогаля ды Пушкіна, Талстоя ды Байрана, Маякоўскага ды Дзям’яна Беднага! Нават Пастэрнака ды Салжаніцына!

— Што табе падабаецца ў сучасным выяўленчым мастацтве Беларусі?

— Мне падабаецца простая, традыцыйная постаць мастака, грамадзяніна, настаўніка, у рэшце рэшт, – бацькі, сем’яніна і верніка – Гаўрыіла Харытонавіча Вашчанкі.

— А ў беларускай літаратуры?

— У беларускай літаратуры мне падабаецца цяпер Альгерд Бахарэвіч і, ня ўвесь, а часткова, Юры Станкевіч зь яго раманам «Любіць ноч – права пацукоў». Яшчэ – кавалкамі, сур’ёзнымі рэчамі – Андрэй Хадановіч («Верш на Свабоду», «Тры каралі», некалькі лімэрыкаў). Падабаюцца яго пераклады. Я цяпер ілюструю ягоную кнігу «Разам з пылам. Калекцыя перакладаў». У кнізе сабраныя сто вершаваных перакладаў зь сямі моваў сьвету, зробленыя ў 1996–2003 гадах.

— Як бы ты падрахаваў свае сёньняшнія творчыя дасягненьні?

— Калі сур’ёзна, дык мае творчыя дасягненьні наступныя:

а) Упершыню з 1516 году ў старажытным мястэчку Бобр, паміж пушчаў-балот беларускай зямлі, жыве прафэсійны мастак, які ўжо 33 гады малюе і жыве з гэтага маляваньня ў хатцы на беразе ракі з жонкай Янінай і сынам Міколкам. Такога тут яшчэ не было.

б) Расьпісаў і адрэстаўраваў наступныя хрысьціянскія бажніцы: Катэдральны касьцёл Дзевы Марыі ў Магілёве; царкву ў мястэчку Бобр у гонар Сьв. Міколы; капліцу Сьв. Яна-Хрысьціцеля ў Менску, у Серабранцы; касьцёл Сьв. Мацьвея ў Раўбічах; касьцёл Сьв. Архангела Міхаіла ў вёсцы Міхалішкі, што на Астравеччыне.

в) Зрабіў некалькі гучных пэрформансаў, за якія двойчы асуджаны.

г) Зрабіў некалькі запамінальных выставаў, якія, спадзяюся, надоўга застануцца ў памяці людзей зь Менску, Віцебску, Магілёва, Воршы, Вялейкі, Браслава, Слоніму, Масквы, Прагі.

д) Меў у Віцебску першую прыватную галерэю сучаснага мастацтва «Ў Пушкіна», дзе дзейнічала лябараторыя экспэрымэнту, жывога мастацкага працэсу пэрыяду «культпрасьвету» 1991–1995 гадоў.

е) Паставіў некалькі спэктакляў на сцэне Беларускага нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску ў якасьці мастака-сцэнографа і афарміцеля. Працаваў з рэжысэрамі Валерам Масьлюком (1994 год) і Антонам Грышкевічам (1997–1999 гады).

ж) Аформіў некалькі кніжак сучасных беларускіх паэтаў: Міраславы Лукшы (1994 год) і Людмілы Сіманёнак (1997 год).

з) Стаў бацькам беларускіх татуяваньняў. Першым зрабіў сабе бел. tattoo.

і) Урэшце, напісаў некалькі станкавых карцінаў, якія сталі шырока вядомымі і часта рэпрадукаваліся: «Эпітафія дзеду», «Белая Панна», «Сьвяты Мікулаш над Прагай» (растыражавана ў Празе).

— Пра якую мастацкую акцыю ты марыш?

— Зьняць фільм пра Беларусь і беларусаў, як Эмір Кустурыца, але больш стылёва, з большым пачуцьцём густу, меры, шарму і вытанчанасьці. Не выпадкова я згадаў Эміра Кустурыцу, бо гэты гумар цяпер проста неабходны, як паветра, у нашай застрашанай, таталітарнай Беларусі, якая нагадвае «небольшой колхоз». І вось у гэтай «кустурыцаўскай» Беларусі ролю цыганскага барона будзе весела граць самі ведаеце хто! (Сьмяецца.)

Гутарыў Алесь Аркуш
11–12 кастрычніка 2004, Бобр

   
   

   
   

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (35) - 2005

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю.   Майстраваньне [mk]. Абнаўленьне [czyk].
Copyright © 1998-2005 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2005/5/25